Гісторыя праекта Mozilla
Праект Mozilla быў створаны ў 1998 годзе разам з публікацыяй праграмнага коду браўзэра Netscape. Ён быў закліканы выкарыстаць творчую сілу тысяч праграмістаў у Інтэрнэце і запаліў беспрэцэдэнтны ўзровень інавацый на рынку браўзераў. Цягам першага года новыя ўдзельнікі супольнасці з усяго свету ўжо ўнеслі новую функцыянальнасць, палепшылі наяўныя функцыі і пачалі браць удзел у кіраванні і планаванні самога праекта.
Стварыўшы адкрытую супольнасць, праект Mozilla стаў большым за любую кампанію. Удзельнікі супольнасці ўключыліся і пашырылі рамкі першапачатковай місіі праекта — замест таго, каб проста працаваць над наступнымі версіямі браўзера Netscape, людзі пачалі ствараць розныя браўзеры, інструменты распрацоўкі і шэраг іншых праектаў. Людзі рабілі свой уклад у Mozilla па-рознаму, але ўсе захапляліся стварэннем бясплатнага праграмнага забеспячэння, якое дазволіла б людзям выбіраць спосабы працы ў Інтэрнэце.
Пасля некалькіх гадоў распрацоўкі Mozilla 1.0, першая мажорная версія, была выпушчана ў 2002 годзе. Гэтая версія ўнесла шмат паляпшэнняў у браўзер, паштовы кліент і ў іншыя праграмы, якія ўваходзяць у набор, але нямногія карысталіся ёю. Да 2002 года больш за 90% карыстальнікаў Інтэрнэту аглядалі з дапамогай Internet Explorer. У той час мала хто заўважыў, але першая версія Phoenix (пазней перайменаванага ў Firefox) была выпушчана ўдзельнікамі супольнасці Mozilla у тым жа годзе з мэтай прадастаўлення найлепшага досведу аглядання для самага шырокага кола людзей.
У 2003 годзе праект Mozilla стварыў Mozilla Foundation, незалежную некамерцыйную арганізацыю, якую падтрымліваюць індывідуальныя інвестары і розныя кампаніі. Новая арганізацыя Mozilla Foundation працягнула ролю кіравання штодзённай дзейнасцю праекта, а таксама афіцыйна ўзяла на сябе ролю прасоўвання адкрытасці, інавацый і магчымасцяў у Інтэрнэце. Гэта стала магчымым дзякуючы працягу выпуску праграмнага забеспячэння, такога як Firefox і Thunderbird, а таксама ахопу новых галін, такіх як прадстаўленне грантаў для падтрымкі паляпшэнняў даступнасці ў Інтэрнэце.
Firefox 1.0 быў выпушчаны ў 2004 годзе і меў вялікі поспех — менш чым за год яго сцягнулі больш за 100 мільёнаў разоў. З тых часоў рэгулярна выходзяць новыя версіі Firefox і працягваюць ставіць новыя рэкорды. Папулярнасць Firefox дапамагла вярнуць выбар карыстальнікам. Адноўленая канкурэнцыя паскорыла інавацыі і палепшыла Інтэрнэт для ўсіх.
У 2013 годзе мы запусцілі Firefox OS, каб раскрыць усю моц сеціва на смартфонах і зноў прапанаваць кантроль і выбар новаму пакаленню людзей, якія выходзяць у інтэрнэт.
Mozilla таксама адзначыла сваё 15-годдзе ў 2013 годзе. Супольнасць паказала, што камерцыйныя кампаніі могуць атрымаць выгаду, супрацоўнічаючы ў праектах з адкрытым зыходным кодам, і што выдатныя прадукты для канчатковых карыстальнікаў могуць быць выраблены як праграмнае забеспячэнне з адкрытым зыходным кодам. Больш людзей, чым калі-небудзь раней, карыстаюцца Інтэрнэтам на сваёй мове. Была створана ўстойлівая арганізацыя, якая выкарыстоўвае рынкавыя механізмы для падтрымкі грамадска-карыснай місіі, і гэтая мадэль была паўторна выкарыстана іншымі для стварэння адкрытых, празрыстых і супрацоўніцкіх арганізацый у шырокім дыяпазоне абласцей.
Будучыня поўная выклікаў і магчымасцяў, такіх жа, як і ў нашым мінулым. Няма гарантыі, што Інтэрнэт застанецца адкрытым, прыемным або бяспечным. Mozilla будзе працягваць даваць людзям магчымасць выказаць свой голас і вызначыць сваё ўласнае жыццё ў Інтэрнэце. Вядома, мы не самотныя ў гэтым. Супольнасць Mozilla, разам з іншымі праектамі з адкрытым зыходным кодам і іншымі грамадскімі арганізацыямі, існуе толькі дзякуючы людзям, якія займаюцца рэалізацыяй нашых агульных мэтаў. Калі хочаце далучыцца да нашай місіі, калі ласка, уцягвайцеся.
Для дадатковай інфармацыі аб гісторыі Mozilla глядзіце наступнае:
- Закладкі Mozilla
- Храналогія праекта Mozilla
- Лічбавы банк памяці Mozilla
- Гісторыя плакатаў Firefox і Mozilla (даступна на англійскай і японскай мовах)